НАХІЧЭВА́НСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Нахчыван Мухтар Республикасы),

у складзе Азербайджана, аддзелена ад яго тэр. Арменіі. Мяжуе па р. Аракс з Іранам і Турцыяй. Пл. 5,5 тыс. км2. Нас. 306 тыс. чал. (1991), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 55,6 чал. на 1 км2. Жывуць азербайджанцы (95,6%), рускія і інш. Цэнтр — г. Нахічэвань. Гарады: Ардубад, Джульфа, Шарур.

Прырода. Паверхня гарыстая, каля 75% тэрыторыі на выш. больш за 1000 м. На Пн — Даралагезскі хр., на У — Зангезурскі хр. (выш. да 3904 м, г. Капутджух). Паўд. і паўд.-зах. часткі тэр. ўздоўж р. Аракс — раўніна выш. 600—1000 м. Карысныя выкапні: малібдэнавыя і поліметал. руды, каменная соль, сера, буд. матэрыялы. Шматлікія крыніцы мінер., пераважна вуглякіслых вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на раўніне, да -14 °C у гарах, ліп. адпаведна 28 °C і 25 °C (на вяршынях гор да 5 °C). Ападкаў за год ад 200 мм на раўніне да 600 мм у гарах. Гал. рака Аракс з прытокамі Арпа, Нахічэванчай. Вадасховішчы Батабатгёль і Узунабінскае (на р. Нахічэванчай) і Арпачайскае. Глебы шэразёмныя, бурыя і каштанавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і салянкавая, у гарах стэпавая, субальпійская і альпійская; лясоў амаль няма.

Гісторыя. Тэр. рэспублікі заселена чалавекам з эпохі неаліту. У 8—7 ст. да н.э. ў складзе дзяржаў Мана і Мідыя, у 6—4 ст. да н.э. Ахеменідаў дзяржавы, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Аляксандра Македонскага, у пач. 2 ст. да н.э. — Атрапатэны. У 1 ст. да н.э. захоплена Рымам, у 3 ст. н.э. — Персіяй, у 623 — Візантыяй, у сярэдзіне 7 ст. — арабамі. У 9—10 ст. уваходзіла ў склад дзяржаў Саджыдаў (879—930) і Саларыдаў (941—965); гарады Нахічэвань, Джульфа, Ардубад сталі цэнтрамі рамяства і гандлю. У 11 ст. заваявана сельджукамі (г. Нахічэвань быў сталіцай дзяржавы султана Алп-Арслана), з 12 ст. ў складзе азерб. дзяржавы Эльдыгізідаў. У 13—15 ст. пад уладай манголаў, Цімура і цюркаў-агузаў, у 15—16 ст. у складзе дзяржаў Кара-Каюнлу і Ак-Каюнлу. З канца 16 ст. пад уладай Ірана ў складзе Сефевідаў дзяржавы (да 1720-х г.) і імперыі Надзір-шаха (1736—47). Неаднаразова перажыла нашэсці тур. і іранскіх войск. У 16 ст. ў складзе Сефевідскай дзяржавы вылучылася населенае азербайджанцамі і армянамі васальнае Нахічэванскае ханства, якое пасля распаду імперыі Надзір-шаха ў сярэдзіне 18 ст. стала незалежным, але ў канцы 18 ст. зноў трапіла пад уладу Ірана. Паводле Туркманчайскага дагавора 1828 у складзе Расіі, у 1849 тут утвораны Нахічэванскі пав. Эрыванскай губ. У пач. 20 ст. ўзніклі першыя с.-д. ячэйкі і арг-цыі «Гумет», вясной і летам 1917 у Нахічэвані і інш. месцах — Саветы, але ўлада заставалася ў руках мясц. бекаў і ханаў. У ліст. 1917 — сак. 1918 тут дзейнічала адміністрацыя Закаўказскага камісарыята. У чэрв. 1918 Нахічэвань акупіравана тур., у ліст.брыт. войскамі; чл. партыі «Мусават» абвясцілі ў краі т.зв. Аракскую рэспубліку. У 1919—20 пад уладай мусаватыстаў і дашнакаў. У ліп. 1920 Нахічэванскі край заняла Чырв. Армія. 28.7.1920 абвешчана Нахічэванская ССР, якая заключыла ваен.-эканам. саюз з РСФСР і Азербайджанам. У лют. 1923 3-і Усенахічэванскі з’езд Саветаў ператварыў Нахічэванскую ССР у Нахічэванскі аўт. край у складзе Азерб. ССР. 9.2.1924 аўт. край ператвораны ў Нахічэванскую АССР. З 1989 насельніцтва Нахічэванскай АССР, якое ў выніку нагорна-карабахскага крызісу было адрэзана ад асн. тэр. Азербайджана, актыўна ўдзельнічала ў руху за незалежнасць Азербайджана і яднанне азербайджанцаў СССР і Ірана. У снеж. 1989 — студз. 1990 адбываліся масавыя несанкцыяніраваныя пераходы насельніцтвам рэспублікі сав.-іранскай граніцы. У ліст. 1990 Нахічэванская АССР перайменавана ў Нахічэванскую Аўт. Рэспубліку. З 1991 у складзе незалежнай Азербайджанскай Рэспублікі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (поліметал. руды, каменная соль, сера), лёгкая (шоўкаматальная, бавоўнаачышчальная, трыкат., швейная), харч. і харчасмакавая (плодакансервавая, мяса-малочная, тытунёвая, разліў мінер. вод), электра- і радыётэхн., дрэваапр., у т.л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, асфальтабетон, абліцовачны камень). На р. Аракс азербайджанска-іранскі гідратэхн. комплекс «Аракс». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні вінаграду, костачкавых фруктаў, тытуню, цвёрдых гатункаў пшаніцы. Пасяўныя пл. займаюць каля 25 тыс. га, пераважае паліўное земляробства. Вінаградарства (тэхн. і кішмішныя гатункі) і садоўніцтва (абрыкосы, персікі, чарэшні і інш.) развіты ў перадгорных і сярэднягорных раёнах. Вырошчваюць збожжавыя на прыараксінскіх раўнінах, тытунь у Нахічэванскім і Шарурскім р-нах, агародніна-бахчавыя культуры паўсюдна. Бульбаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага і мяса-воўнавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Развіта шаўкаводства. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Уздоўж мяжы з Іранам і Турцыяй праходзяць участкі аўтадарогі і чыгункі Баку—Ерэван. Даўж. чыгункі 190 км. Бальнеалагічныя курортныя мясцовасці Бадамлы, Сіраб.

Да арт. Нахічэванская Аўтаномная Рэспубліка. Статак авечак на пашы.

т. 11, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)